ДАГАВО́Р АБ УТВАРЭ́ННІ СССР 1922,
дзяржаўны акт, які юрыдычна аформіў аб’яднанне 4 сав. сацыяліст. рэспублік (РСФСР, УССР, БССР, ЗСФСР) у дзяржаву — Саюз Сав. Сацыяліст. Рэспублік. Зацверджаны 30.12.1922 (разам з Дэкларацыяй аб утварэнні СССР) на І з’ездзе Саветаў СССР; пазней уключаны ў Канстытуцыю СССР 1924. Прадугледжваў адзінае саюзнае грамадзянства для ўсіх грамадзян сав. рэспублік, стварэнне саюзных органаў улады (ЦВК, 10 наркаматаў, Вярх. суда, Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення і інш.), права свабоднага выхаду з Саюза кожнай з рэспублік. Перастаў дзейнічаць у снежні 1991 у сувязі з абвяшчэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД; гл. Белавежскія пагадненні 1991). 10.12.1991 Вярх. Савет Беларусі прыняў пастанову аб дэнансацыі дагавора 1922 у адносінах да Рэспублікі Беларусь.
т. 5, с. 571
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)